14 чэрвеня ў аддзеле па абслугоўванню дзіцячага чытача адбылася творчая сустрэча наведвальнікаў школьнага аздараўленчага лагера сярэдняй школы №14 з вядомай пісьменніцай Тамарай Бунтай. Дзеці паспяхова адказвалі на пытанні аўтара, слухалі апавяданні ў выкананні Тамары Пятроўны і з задавальненнем адгадвалі аўтарскія загадкі. Тамара Пятроўна Бунта аўтар пяці зборнікаў апавяданняў для дзяцей: “Белое облачко” (Беларуская Праваслаўная царква, 2014), “Дзяўчынка з Вішнёвага завулка” (“Мастацкая літаратура”, 2016); “Чароўны кошык” (Мінск, “Мастацкая літаратура”, 2018); “Сад з матылькамі” (“Мастацкая літаратура”, 2020); “Далонькі з пушынкамі”, (“Адукацыя і выхаванне” 2024). У дзіцячых кніжках Тамара Бунта дасціпна і з гумарам апісвае, як героі – сучасныя дзяўчынкі і хлопчыкі, такія ж, як і нашы маленькія чытачы, – трапляюць у розныя сітуацыі, якія здараюцца з імі ў школе і дома. Тамара Пятроўна піша апавяданні, казкі, эсэ, аповесці на беларускай мове. Яна друкавала свае літаратурныя творы ў часопісах “Алеся”, “Бярозка”, “Вясёлка”, “Вожык”, “Маладосць”, “Нёман”, “Полымя”, газетах “Белорусская военная газета”, “Воскресение”, “Звязда”, “Зорька”, “ЛіМ”, “Настаўніцкая газета”, “Сям’я”, а таксама ў некаторых выданнях Расіі. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі (2014). Член Савета Мінскага гарадскога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”. Старшыня Клуба творчых жанчын “Спадарыня”, створанага пры МГА ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” і ГА “Беларускі саюз жанчын”. У 2023 годзе Тамара Бунта стала Лаўрэатам прэміі Васіля Віткі – штогадовай прэміі, якая ўручаецца рэдкалегіяй часопіса «Вясёлка». Прэмія названа ў гонар першага галоўнага рэдактара часопіса для дзяцей. Зараз Тамара Бунта – член рэдкалегіі часопіса “Вясёлка”, рыхтуе цікавую рубрыку для часопіса “Вясёлка” “Браты нашы меньшыя”. Дзякуй вялікі за цёплую і добрую сустрэчу, якая спадабалася і дзецям і дарослым.