12 чэрвеня, падчас Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна – 2021”, бібліятэка сямейнага чытання “Верасок” арганізавала каля Палаца культуры інтэрактыўную літаратурную пляцоўку “Любі, шануй, ведай роднае слова” для ўсёй сям’і. Дзякуючы маршрутнай гульні “10 крокаў да роднай мовы” наведвальнікі пляцоўкі не толькі павандравалі па родным горадзе, але і ўзбагацілі свой слоўнікавы запас роднымі словамі праз удзел у акцыі “Маё любiмае слова па беларуску”, конкурс знаўцаў “Ці ведаеш ты беларускія песні?”, загадкавую азбуку “Калі ласка, запрашаем – тут мы мову вывучаем”, гульні: “Складзі прыказку”, “Перакладчык” і дыктант-трэнажор “Ад літары да літары”. Вельмі спадабалася маленькім удзельнікам тэрыторыя творчасці. Дзеці з задавальненнем “Упрыгожылі пачатковую літару кнігі”, размалёўвалі казачных герояў, запісвалі любімыя беларускія словы на папяровых кветках і замацоўвалі іх на выставе дзіцячых кніг і часопісаў “Сонца на кніжных старонках”. А затым фатаграфаваліся з беларускай кнігай і атрымлівалі прызы: значкі, магніцікі і размалёўкі. Кожны ўдзельнік гульні ўзбагаціўся новымі ўражаннямі і пачуццямі.