“Першы раз у першы клас”

Набліжаецца школьная пара, а разам з ёй і Дзень Ведаў.             

1 верасня — гэта і першы званок, і доўгачаканая сустрэча са школай, новымі ведамі, ранейшымі і новымі сябрамі. Гэта свята для першакласнікаў — самы хвалюючы дзень для тых, хто ў першы раз пераступіць школьны парог. І для тых, хто ў чарговы раз сядзе за парту і адправіцца да новых адкрыццяў і дасягненняў. Хвалюючая атмасфера гэтага дня распаўсюджваецца на ўсіх жыхароў горада. 

Праз выстаўку-інсталяцыю да Дня ведаў “Першы раз у першы клас”, якая размясцілася на малодшым абанеменце, мы пастараліся аднавіць атмасферу сямейнага свята, якая пануе ў кожнай сям’і напярэдадні Дня ведаў.  Кожная сям’я ўсталёўвае свае сямейныя традыцыі ў дзень ведаў самастойна. Але ёсць і шмат агульнага. У наведвальнікаў бібліятэкі асаблівую настальгію выклікае школьная форма хлопчыка і дзяўчынкі, вучняў дваццатага стагоддзя, а таксама фартухі: белы — святочны і чорны – паўсядзённы, банты, ленты і ранец, буквар і  канцылярскія прынадлежнасці. Яшчэ не прыбраны цацкі ў “пакоі” і ляжаць побач са школьнымі прыладамі: сшыткамі, альбомамі, але на стале, разом са школьнымі прыладамі, ляжыць букет кветак для настаўніцы. І ўжо падрыхтавана школьная форма, якая вісіць на бачным месцы і нагадвае аб тым, што канікулы скончыліся. Усё гэта знаходзіцца ў імправізаваным пакоі з мэбляй: утульнай канапай і крэслам, а таксама “камінам”,  ля каторага складзены самыя сапраўдныя бярозавыя дровы. А насупраць знаходзіцца “сцяна”, з намаляваным на ватмане акном, з-за якога “свеціць сонца”, але два пажоўклыя лісты, якія прыліплі да шыбы, служаць напамінам пра блізкую восень.

 

Добавить комментарий